Mauzer ужо не Таварыш
З днём працоўных сталіцу павіншуе ўжо не таварыш, але ўсё яшчэ Mauzer: магілёўскі гурт, зьмяніўшы ня толькі бубнача, але і назву, выступіць 1-га траўня ў «Рэактары» зь вялікім канцэртам пры падтрымцы гуртоў Partyzone і О.Х. Янка Маўзэр распавёў ТГ ці сапраўды ён адыходзіць ад палітыкі, чаму не глядзіць тэлевізар і ў які бок зьмяніўся гурт: «Мы сталі зьлейшыя, гучнейшыя, нахабнейшыя».
Апошні раз у Менск маўзэры прыяжджалі больш за год таму. За час, што прайшоў, гурт шукаў магчымасьці выступіць на добрай пляцоўцы, і гэтым разам зрабіў заяўку адразу на «Рэактар».
Перад выступам магілёўцаў на сцэну выйдуць Partyzone і піцерскі гурт О.Х.. Апошні прыяжджае ў Менск з прэзэнтацыяй свайго дэбютнага альбома «Без номера».
Янка выканаць абяцае сем новых песень. Наконт тэматыкі выказваецца стрымана: «Мы не адыходзілі ад тэмы палітыкі – мы ніколі не былі ў гэтай тэме. Я апошнія паўтара году тэлевізар не гляджу – ён мне перашкаджае быць унутры свайго паэтычнага сьвету». Але і старыя песьні зьявяцца перад слухачамі ў іншай апрацоўцы: з новым бубначом усе трэкі гучаць па-іншаму, дзе-нідзе аранжыроўку зьмянілі радыкальна. «Мы сталі зьлейшыя, гучнейшыя, нахабнейшыя», - кажа лідэр гурта.
Наконт будучых плянаў музыкі пакуль ня кажуць нічога пэўнага. Няма пакуль і новых запісаў: гурт ня хоча раздарыць альбом па трэках, а жадае адразу запісаць канцэптуальны альбом. Мы ж пакуль выпраўляем тэгі з Tav.Mauzer на Mauzer, і чакаем адкрыцьця афіцыйнага сайту.
Источник: http://music.fromby.net



